Maria Vittoria Desiato
Фатографка і мастачка, нарадзілася ў 1997 годзе. У цяперашні час пражывае ў Бергама, Італія.
Алтары ўяўлення 2021-2024
«У 2021 годзе я пераехала ў Нідэрланды, узяўшы з сабой толькі чамадан і заплечнік з-за абмежаванай прасторы. Гэта азначала, што мне прыйшлося пакінуць шматлікія свае ўспаміны.
У маёй сям'і быў вялікі фотаархіў, і вось я апынулася ў чужой краіне без успамінаў. Тады я вырашыла шукаць новыя выявы і стварыць уласны галандскі сямейны архіў.
За тры гады ў Нідэрландах я сабрала архіўныя матэрыялы з розных крыніц і стварыла новыя ўспаміны. Не маючы гістарычных рэферэнсаў, я рэканструявала сабраныя фатаграфіі, змяшчаючы іх у кантэксты, звязаныя з уяўленнем.
У гэтых фантастычных прасторах, дзе магчыма ўсё, я аднавіла ўспаміны аб сваёй галандскай сям'і. Праект «Алтары ўяўлення» нарадзіўся з жадання пабудаваць новыя ўспаміны ў чужой краіне і зноў здабыць адчуванне дома.
Я сабрала і перапрацавала архіўныя фатаграфіі галандскага паходжання, стварыўшы невялікія дэкарацыі з кардону і пластыліну, а таксама намаляваўшы і зляпіўшы рэквізіт. Так з'явіліся ўяўныя кантэксты, дзе архіўныя здымкі сталі мне блізкімі».
.