Выстава пераможцаў конкурснай праграмы міжнароднага фестывалю фатаграфіі PhotoArtDoc'24 даступная да 20 студзеня 2025 года ў Вільнюсе.
Фестываль PhotoArtDoc ініцыяваны супольнасцю беларускіх фатографаў і ў 2024 годзе адбыўся ўпершыню. Праект аб'ядноўвае фатаграфію на стыку дакументалістыкі і мастацтва. Гэты падыход выходзіць за межы фіксацыі падзей ці прыгажосці, і ператварае фатаграфію ў інструмент для асэнсавання сучаснага грамадства, яго з'яў і тэндэнцый.
Праграма фестывалю ўключала дзве часткі: адукацыйную і конкурсную.
Адукацыйная праграма фестывалю заклікана захаваць патэнцыял і даць штуршок да развіцця беларускай фатаграфіі ў няпросты час. Галоўная мэта – прасоўваць беларускую фатаграфію ў еўрапейскай прасторы, захоўваць візуальную спадчыну і садзейнічаць развіццю сучаснай фатаграфічнай культуры ў Беларусі.
На працягу чатырох месяцаў 38 беларускіх фатографаў пад кіраўніцтвам ментараў - Сяргея Гудзіліна, Кацярыны Кузьмічовай і Таццяны Ткачовай - працавалі над стварэннем праектаў, дзе асноўным медыумам выступала фатаграфія. Гэтыя працы ацэньваліся ў межах асобнай, закрытай намінацыі, журы якой склалі беларускія куратары і арт-крытыкі.
Другая, адкрытая, намінацыя конкурсу - міжнародная, як пацвярджэнне, што культура і мастацтва не маюць межаў. На конкурс у адкрытай намінацыі было пададзена 230 праектаў ад аўтараў з 40 краін.
На выставе прадстаўлены праекты, адабраныя дзвюма калегіямі журы ў дзвюх намінацыях: закрытай і адкрытай.
Лепшыя праекты закрытай намінацыі
«Скарб», Яна Шніпельсан (Беларусь / Польшча)
«Юбілей», Cottonyevil (Беларусь / Польшча)
«"In My Shoes", Таццяна Чыпсанава (Беларусь / Новая Зеландыя)
Лепшыя праекты адкрытай намінацыі
«Алтары ўяўлення», Maria Vittoria Desiato (Італія)
«Нічэйнае вяселле», Караліна Дутка і Валянцін Сідарэнка (Малдова)
«Месца сілы», Наташа Лазінская (Расія)
Куратары выставы: Алена Кушнір і Сяргей Міхаленка
дзе: EHU ART SPACE (Savanorių pr. 28, 3 паверх)
Графік працы:
буднія дні з 10.00 да 19.00
субота з 10.00 да 15.00
нядзеля не працуе